История, традиции, достижения учреждения

История нашего учреждения

З гісторыі...

                    Школа – гэта вясёлыя галасы дзяцей, гэта гульня і фантазія.

                    Школа – гэта напружаная праца і дапытлівасць.

                    Школа – гэта сумесная творчасць вучняў і настаўнікаў.                                          

                    Школа – гэта ўзаемаразуменне і ўзаемапавага вучняў,                                                                                                                      настаўнікаў, бацькоў.

     Працэс адукацыі  з’яўляецца адным з элементаў духоўнай сферы грамадства. У наш імклівы час, калі на першае месца выступаюць такія паняцці, як прагрэс, інфармацыйны і тэхналагічны бум, інавацыі, вельмі складаным становіцца працэс духоўнага росту асобы. Без духоўнага развіцця немагчыма гаварыць аб паўнацэнным фарміраванні асобы. Адукацыя з’яўляецца спосабам перадачы новым пакаленням людзей назапашаных ведаў і вопыту, усяго таго, што складае духоўную культуру грамадства. Дзякуючы адукацыі, чалавек становіцца асобай, якая ўсвядомлена пракладае свой шлях у жыцці, здольна ствараць новае, нясе адказнасць за свае ўчынкі. Адукацыя спалучае ў сабе два важнейшыя у жыцці чалавека працэсы: навучанне і выхаванне. Наша пакаленне бесперашкодна мае магчымасць набываць веды, удасканальваць сябе і магчымасці, пры гэтым вельмі вялікія. Аднак, вывучаючы гісторыю нашай Бацькаўшчыны, мы заўважылі, што працэс адукацыі мае сваю багатую гісторыю станаўлення і развіцця. Нам стала цікава даведацца аб развіцці адукацыйнага працэсу ў нашай вёсцы на розных этапах гістарычнага развіцця .

       Збор інфармацыі аб гісторыі нашай установы адукацыі мы пачалі  са знаёмства з архіўнымі матэрыяламі. Найбольшую цікавасць прадстаўлялі такія дакументы, як “Статистические сведения, 1922/1923гг.”, “Отчёты о состоянии начальных школ Острошицко-Городоцкого р-на 1925-1926гг.”, “Списки учителей района на 1934-1935гг.” Дадзеныя дакументы дазволілі  пазнаёміцца з асноўнымі атрыбутамі школьнага жыцця ў розныя часы, а таксама даведацца аб складзе настаўнікаў нашай школы.

     Каштоўную інфармацыю па гісторыі нашай установы адукацыі мы атрымалі ад нашых аднавяскоўцаў, выпускнікоў нашай школы і настаўнікаў, якія тут працавалі. Іх аповеды склалі аснову нашага летапісу.

Адметныя старонкі гісторыі ўстановы адукацыі аг.Астрошыцы

 Пачатак ХХ стагоддзя

       Беларусь у складзе Расійскай Імперыі. Гады Першай сусветнай вайны паказалі, што дзяржаве патрэбны высокаадукаваныя людзі не толькі сярод спецыялістаў, але і сярод звычайных рабочых. Амаль паўсюдна пачалі адкрывацца так званыя працоўныя школы.

1916 год

     У 1916 годзе   ў в. Астрошыцы ўпершыню была адкрыта навучальная установа. Гэта была працоўная школа. Да гэтага часу дзеці маглі навучацца толькі ў Астрашыцка–Гарадской царкоўна–прыходскай школе Мінскай акругі.

1923 – 1925 год

      Астрошыцкая пачатковая школа Астрошыцкага сельсавета Астрашыцка – Гарадзецкага раёна Мінскай акругі знаходзілася у двухпавярховым драўляным доме былога памешчыка Доўнара. Як  паведамляюць “Статыстычныя дадзеныя” ад 1922 года, Астрошыцкая школа належала да школ першай ступені, мела 3 участкі зямлі, размяшчалася ў барскім доме. Колькасць печак – 2, ламп – 1. Школу наведвалі вучні з бліжэйшых вёсак Манчакі, Мішкавічы, фальварка Дзіякаўшчына, хутара Казлова, Лясны Гай, Астроша, фальварка Астрошыца. Навучаў грамаце дзяцей адзін настаўнік – Пахомаў Фёдар. Дапамагаў па школе адзін тэхнічны работнік.

       У 1923/1924 навучальным годзе ў школе навучалася 25 вучняў (хлопчыкаў-15, дзяўчынак -10), хаця дзяцей школьнага узросту было 90 (дадатак А).

      Ужо ў 1924/1925 н.г. у школе навучаліся 100 дзяцей, узрост іх ад 8 да 16 гадоў. У сувязі з павелічэннем колькасці вучняў у школе пачалі працаваць 2 настаўнікі і 1 тэхнічны работнік. Дакументы мінулых часоў захавалі імёны тых людзей:

       Юшко Петра Язэпаў – загадчык школы, 1875 года нараджэння, адукацыя агульная, скончыў педагагічныя курсы, служыў у салдатах.

       Кавалёва Зося – настаўнік, 1874 года нараджэння, скончыла жаночае гарадское вучылішча ў Менску, вытрымала экзамен за 6 класаў 

        Воўкава Зінатэхнічка, 1888 года нараджэння, пісьменная (дадатак Б).

Менавіта гэтыя людзі стаялі ля вытокаў Астрошыцкай пачатковай школы.

1925/1926 навучальны год

       Як сведчыць справаздача Астрошыцкай 4-хгадовай школы Астрашыцка – Гарадзецкага раёна Мінскай акругі, “вучэбны 1925/1926 год пачаўся 15 кастрычніка і скончыўся 13 траўня. Праграма выканана за 4 групы. Зроблены 4 экскурсіі: на лесапільны завод, на саматужную вытворчасць, у лес, бліжэйшую школу. Праводзіліся тэарэтычныя і практычныя заняткі па сельскай гаспадарцы. У школе працавала вучнёўская самакіраванне (назіранне за чысцінёй класаў, акуратным наведваннем школ і выхаваўчай часткай). Працаваў драматычны гурток у ліку 10 вучняў і фізкультурныя заняткі праводзілі 1 гадзіну ў тыдзень. Школьны савет складаўся з 2-х настаўнікаў і аднаго прадстаўніка ад бацькоў вучняў.

       Школа патрабуе капітальнага рамонту і абгароджвання двара і саду. Выканана праграма 1-4 поўнасцю з сельскагаспадарчым ухілам.” (дадатак В).

       Са  справаздачы за 1925/1926 навучальны год стала вядома, што “школа абслугоўвае 7 населеных пунктаў, адлегласць іх ад ¼  да 2-х вёрст. Школа працавала на беларускай мове. Колькасць камплектаў – 2. Знаходзілася ва ўласным будынку. У сярэднім плошча на вучня 253/276 м2. Патрабуе рамонту. Школа мае зямлю 3,05 га. Апрацоўваецца школай (¼ га; прыбытак з ураджаю ідзе на апрацоўку зямлі).

Мэбля: 10 школьных лавак на 40 месцаў, 2 класныя дошкі, 3 сталы, 2 табурэткі, 1 шафа, уся мэбля на суму 102 руб.

Падручнікі: на беларускай мове 246 кніжак, расійскіх 13 кніжак на суму 94 руб.

Патрэбны падручнікі: па прыродазнаўству (2 шт.), лемантароў 20 шт., “Чырвоная Беларусь”, “Чырвоная змена”, расійскія.

Навучальныя дапаможнікі: 3 геаграфічныя карты, 2 наглядныя дапаможнікі па матэматыцы.

Колькі грошаў адпушчана на ўтрыманне школы:

Настаўніцкі і тэхнічны персанал

931 руб. 44 кап.

На навучальную частку

6 руб.

На рамонт

28 руб.

На апал

15 руб.

На гаспадарку

16 руб.

Усяго адпушчана

996 руб. 44 кап.

 

Двум вучням выдадзена пасведчанне ад 15 жніўня 1925 года  аб  паспяховым завяршэнні 3-х класнай адукацыі  сямігодкі, якія навучаліся  з 1922 года (дадатак В,Г).

1931 год

      18 студзеня 1931 года Астрашыцка – Гарадзецкі раён быў ліквідаваны, Астрошыцкі с/с уключылі ў Лагойскі раён.

З дакладу тагачаснага дырэктара школы даведаліся, што “выкладанне вялося ў большасці выпадкаў па старому “ адсюда – дасюда”. Акадэмічныя гадзіны ператвараліся ў вычытванне падручніка і выпытванне прачытаннага. Дынама–машына рысавалася мелам”.

1933-1934 гады

     Гэты перыяд азнаменаваўся правядзеннем кампаніі “Барацьбы за граматнае пісьмо і матэматычныя веды”. Шырокае распаўсюджанне атрымала вячэрняя адукацыя, якая ахоплівала па Астрошыцкім сельскім савеце 587 чалавек.  Для барацьбы з непісьменнасцю было вырашана працягваць навучанне грамаце ў дадзеным навучальным годзе нават у час канікул. У гэты час адукацыйны працэс ў Астрошыцкай няпоўнай сярэдняй школе  здзяйснялі:

Сілівончык Алесь 1892 года нараджэння;

Зубава Наста 1910 года нараджэння;

Зуеўскі Уладзя 1911 года нараджэння;

Сарока Кузьма 1908 года нараджэння;

Кавалёва Зоя 1874 года нараджэння;

Сілівончык Аляксей 1892 года нараджэння;

Махнач Мікола (дадатак Д).

      У гэты час адукацыйнаму працэсу ўдзялялася вельмі вялікая ўвага. Так, калгасы бралі на сябе абавязак забяспечваць настаўнікаў прадуктамі харчавання і газай.

     Пачатковая школа да самай Вялікай Айчыннай вайны знаходзілася ў адным і тым жа будынку.

1941 – 1944 гады

       Вайна... Яна знянацку абрушылася на людзей. Ліхалецце не прайшло бяследна і для школы амаль што з пачатку Вялікай Айчыннай  вайны будынак школы быў заняты пад кватэры нямецкіх афіцэраў, а ў 1942 годзе быў спалены.

        Дзеці  з радасцю сустрэлі вестку пра вызваленне Беларусі ад нямецка – фашысцкіх захопнікаў, бо усе тры гады яны не мелі магчымасці вучыцца грамаце.

     1 верасня 1944 года ўсе дзеці школьнага ўзросту ( і тым каму было 7 гадоў, і тым каму было 16 гадоў)  селі за парты, якія ўяўлялі сабой сталы - “козлікі” і лаўкі, збітыя з дошак.

      У 1944/45 годзе вучні вымушаны былі хадзіць на заняткі ў суседнюю вёску Панышэўшчына, бо будынак новай школы яшчэ не быў пабудаваны. Заняткі праходзілі ў вялікіх хатах. Спачатку дзеці вучыліся ў Манчаках. Класы былі вельмі вялікія ад 40 да 50 вучняў, бо на заняткі прыходзілі дзеці з бліжэйшых весак: Чудзенічы, Кандратавічы, Астрошыцы. У адным класе за адной партай сядзелі вучні 7 і 12 гадоў.

    Школьных прылад не было. Вучням прыходзілася пісаць на газетах, шпалерах, абгортачнай паперы. Для чыстапісання гэтыя паперкі разліноўваліся, і вучні вучыліся пісаць літары, лічбы пяром №8 . Самым дарагім падарункам для тагачасных вучняў былі новыя сшыткі, якіх не было дзе купіць. Бацькі выменьвалі сшыткі на базарах на тытунь, цёплыя рэчы. Вартым будзе сказаць, што каштаваў адзін сшытак, як  бохан хлеба. Кніг таксама не хапала. Адзін падручнік дзялілі паміж сабой 6-8 вучняў.

      Вучылі грамаце вучняў дзве настаўніцы: Мяцельская (Кураленка) Надзея Адамаўна і Хітрова Марыя Мікалаеўна. Пазней займаліся адукацыяй вучняў Міхалевіч Канстанцін Сямёнавіч і яго жонка Міхалевіч Бэла Яфімаўна.

      У 1946 годзе вучні вучыліся ў хаце лесніка Кохана. Свайго ўласнага будынка школы ў Астрошыцах не было аж да 1950 года.

1950 год

       Быў пабудаваны будынак базавай школы, які захаваўся і да нашых дзён. Дзеці Астрошыц і навакольных вёсак змаглі атрымліваць адукацыю. Каля вытокаў сямігодкі стаялі настаўнікі  Шымчонак Марк Мікалаевіч, дырэктар школы, Касцяневіч (Казлова) Ніна Іванаўна, настаўнік біялогіі і геаграфіі, Рыбіна Кацярына Іосіфаўна, настаўнік гісторыі, Блізняцова Надзея Парфіраўна, настаўнік пачатковых класаў, Баранава Ганна Францаўна, настаўнік пачатковых класаў.

60-70-я гады

      У гэты перыяд у БССР разгарнулася навукова-тэхнічная рэвалюцыя. Краіне патрабаваліся адукаваныя спецыялісты. Выраслі патрабаванні і да адукацыйных устаноў. У гэты час наша школа папоўнілася высокакваліфікаванымі спецыялістамі. Сярод іх былі: Роліч Віктар Вікенцьевіч (настаўнік матэматыкі), Роліч Ніна Іосіфаўна ( завуч, настаўнік біялогіі, хіміі), Ляшкова Надзея Сямёнаўна (настаўнік беларускай мовы і літаратуры), Абрагімовіч Соф’я Вячаславаўна (завуч, настаўнік рускай мовы і літаратуры), Блізняцова Надзея Парфіраўна (настаўнік пачатковых класаў). 

       Выдатнай адзнакай  можна ацаніць і працу кіраўніка адукацыйнай установы Васюковіч Вольгі Васільеўны.

1988 год

      Год нараджэння сучаснага будынка школы і дзень нараджэння сярэдняй агульнаадукацыйнай школы. Адбылася гэта важная падзея, дзякуючы вялікім намаганням былога дырэктара школы Сарокіна Уладзіміра Рыгоравіча.

     Значны ўклад у навучанне і выхаванне моладзі ўнеслі настаўнікі Сарокіна Сафія Віктараўна (настаўнік пачатковых класаў), Гарохавік Зоя Мікалаеўна (настаўнік гісторыі, завуч),  Яскевіч Валерый Пятровіч (настаўнік фізічнай культуры), Казюлевіч Інэса Мечыславаўна (настаўнік матэматыкі), Качан Вольга Міхайлаўна (настаўнік французскай мовы), Сасноўскі Аляксандр Пятровіч (настаўнік геаграфіі).

ХХІ стагоддзе

    Пачатак ХХІ ст. азнаменаваўся ўступленнем нашага грамадства ў новую стадыю развіцця – інфармацыйнай або камп’ютэрнай. Адметным стаў гэты час і ў гісторыі нашай установы адукацыі.

2000 год – пераход на дванаццацігадовае навучанне.

2002-2003 навучальны год - адбыўся пераход на 10-цібальную сістэму ацэнкі вучэбных дасягненняў вучняў.

 2004 год - Астрошыцкая сярэдняя школа была рэарганізавана ў вучэбна-педагагічны комплекс “дзіцячы сад-сярэдняя агульнаадукацыйная школа”, які наведвалі  106 вучняў, 12 дашкольнікаў. Вучні мелі магчымасць вывучаць на павышаным узроўні матэматыку, хімію, фізіку, беларускую мову, французскую мову.

2008-2009 навучальны год – пераход да адзінаццацігадовага навучання, вывучэнне прадметаў на базавым узроўні, з пашырэннем сеткі факультатыўных заняткаў. Дзве дашкольныя рознаўзроставыя групы (25 дзяцей).

2010 год

    Наша школа налічвала 77 вучняў і 28 выхаванцаў дзіцячага сада. Навучальны працэс ажыццяўлялі 20 педагогаў, 3 выхавальнікі дзіцячага сада. Ужо больш за 40 гадоў працуюць у нашай установе адукацыі настаўнікі:

Сарокін Уладзімір Рыгоравіч – дырэктар, настаўнік хіміі,

Сарокіна Сафія Віктараўна – настаўнік пачатковых класаў,

Качан Вольга Міхайлаўна – настаўнік замежнай мовы.

Больш за 25 гадоў:

Сушко Таццяна Яўгенаўна – настаўнік матэматыкі,

Шаўчэнка Вольга Сцяпанаўна – намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўнік беларускай мовы і літаратуры,

Панкевіч Вольга Яраславаўна – настаўнік рускай мовы і літаратуры,

Асташэвіч Кацярына Валянцінаўна – настаўнік выяўленчага мастацтва,

Макуцэвіч Алена Генадзьеўна – настаўнік гісторыі і грамадазнаўства.

2020 год

На сённяшні дзень наша ўстанова адукацыі налічвае 127 вучняў.

Трэці год установай адукацыі кіруе Акуліч Галіна Уладзіміраўна.

     Настаўнікі імкнуцца выхоўваць вучняў у  духу лепшых традыцый нашай школы. Кожны год вучні прымаюць удзел у сельскагаспадарчых работах, спартыўных мерапрыемствах, грамадска-карыснай працы па добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі і аграгарадка Астрошыцы, з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі творчых і інтэлектуальных конкурсаў, аказваюць шэфскую дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны.

 

 

14.07.2022 07:58 - 11.08.2022 08:40

свернуть

Традиции учреждения

  • День знаний
  • День учителя
  • ежегодное проведение акций "Забота" и "Памятник"
  • декады здорового образа жизни
  • предметные недели
  • неделя , посвящённая Дню матери
  • дни здоровья
  • неделя леса
  • неделя правовых знаний
  • дни самоуправления
  • праздники посвящения в первоклассники и прощания с Букварём
  • месячник гражданско-патриотического воспитания
  • встречи с выпускниками
  • участие в районных спортивных мероприятиях
  • экскурсии
  • осенне-весенние субботники по благоустройству территории школы, агрогородка

14.07.2022 08:12 - 14.07.2022 08:12

свернуть

Наши достижения

14.07.2022 08:16 - 11.08.2022 07:22

свернуть

Педагоги-ветераны

Знакаміты Лагойскі край. Цікавая і ўнікальная  яго гісторыя. Прыемна ўсведамляць сябе ўраджэнцам Лагойскай зямлі.

       Гісторыю сваёй Радзімы ствараем мы самі. Ад таго, які след пакінем на нашай зямлі, будзе залежыць жыццё нашых нашчадкаў.

      Аб’ектам нашага даследавання стала жыццё і дзейнасць калектыву нашай установы адукацыі, якая  мае багатую і змястоўную гісторыю. Ёсць у гісторыі школы настаўнікі, пра якіх мы гаворым з асаблівым гонарам. Акрамя выдатнай працы на педагагічнай ніве, яны вядомыя як сапраўдныя героі Вялікай Айчыннай вайны. Вось якія звесткі нам удалося сабраць пра іх жыццё і дзейнасць.

Міхалевіч Канстанцін Сямёнавіч

    Нарадзіўся ў вёсцы Аколіца Мінскай вобласці Лагойскага раёна ў 1919 годзе. Скончыў Мінскае педвучылішча. Планы мірнага жыцця абарваліся ў чэрвені 1941г. Быў прызваны ў рады Савецкай Арміі . Ваяваў на Паўднёвым Фронце , затым на Паўночна - Каўказскім і першым Беларускім. З’яўляўся камандзірам аддзялення роты супрацьтанкавай зброі. З мая 1943г. Канстанцін Сямёнавіч ваяваў у складзе коннай разведкі ў якасці кулямётчыка. Праявіў стойкасць і адвагу ў баях за г.Шахты. Быў узнагароджаны медалём “За бавыя заслугі”.

     У баях ля г.Керч і г.Севастопаль Канстанцін Сямёнавіч ліквідаваў 4 станковых і 1 ручны кулямёт, 20 нямецкіх салдат і афіцэраў. За баі на Керчанскім паўвостраве ўзнагароджаны ордэнам “Чырвонай Зоркі”. 

     Канстанцін Сямёнавіч удзельнічаў у вызваленні Варшавы,  дайшоў да Берліна. 30 студзеня 1945 года ў баях па зачыстцы плацдарма ад р.Віслы да р.Одэр быў лёгка паранены. Пасля лячэння вярнуўся ў строй. Кіраваў аперацыяй па прарыву абароны праціўніка ля р.Одэр. За мужнасць, праяўленую ў баях на дадзеным плацдарме, быў прадстаўлены да ўзнагароды медаль “За Адвагу”.

     Дэмабілізаваўся ў канцы 1945 года.  Працаваў настаўнікам у Астрошыцкай васьмігадовай школе. Галоўны прынцып яго жыцця – заўсёды заставацца чалавекам. Дадзены пастулат засвоілі і памятаюць і зараз многія  вучні Міхалевіча Канстанціна Сямёнавіча. Ён быў нешматслоўны, бо лічыў, што за чалавека павінны гаварыць яго справы. Вучні любілі і паважалі свайго настаўніка, якія быў для іх сапраўдным прыкладам. Памёр Канстанцін Сямёнавіч у 1979г .

Шымчонак Марк Мікалаевіч

    Нарадзіўся 2 красавіка 1917г., у в.Тукалаўка Прудзішчанскага сельскага савета Лагойскага раёна. Сям’я Марка Мікалаевіча складалася з сямі чалавек, жылі бедна. Цяжка было, але Марк Мікалаевіч змог закончыць сямігодку ў Бяларучах. Потым была вучоба ў педвучылішчы ў Мінску. У 1935г. закончыў яго і быў накіраваны на работу ў Лагойскі раён у в.Рэбрышча, дзе знаходзілася пачатковая школа. Завочна працягваў навучанне ў Мінскім педагагічным інстытуце, які закончыў у 1938г. У 1940 годзе быў прызваны ў рады Савецкай арміі. Служыў у г.Быхаве Магілёўскай вобласці ў гаўбічна-артылерыйскім палку 145 дывізіі.

     У арміі закончыў школу малодшых камандзіраў са званнем старшага сяржанта. Быў назначаны камандзірам аддзялення сувязі. Восенню 1940г. адбылася перадыслакацыя ў г.Рыльск Курскай вобласці. Тут і застала Марка Мікалаевіча вайна. У гады вайны быў прыняты ў рады камуністычнай партыі

     Полк Шымчонка М.М. быў накіраваны на Заходні фронт пад г.Смаленск.   5 жніўня Марк Мікалаевіч быў цяжка паранены. Да кастрычніка месяца праходзіў лячэнне ў ваенным шпіталі ў г.Растоў-на- Доне. Пасля лячэння быў накіраваны ў 35 асобую запасную роту сувязі Алтайскай брыгады, дзе займаліся падрыхтоўкай кадраў для фронта.

   У чэрвені 1943г. часць Шымчонка М.М. была накіравана на Заходні фронт, на Курска-Арлоўскую дугу. Марку Мікалаевічу было даручана камандаваць узводам 89 стралковага корпуса батальёна сувязі. Часць Марка Мікалаевіча ўдзельнічала ў вызваленні г.Арла, за што Марк Мікалаевіч быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.

     У складзе 1 Беларускага фронта 61-й ударнай Арміі ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі. У верасні 1943г. прымаў удзел у фарсіраванні Дняпра, за што таксама атрымаў узнагароду – баявы ордэн “Чырвонай Зоркі”.

    Пасля былі баі ў Латвіі, узяцце г.Рыгі, вызваленне г.Варшавы, бітва на р.Одэр, узяцце г.Берліна. За ўдзел у Берлінскай аперацыі быў узнагароджаны ордэнам “Айчыннай вайны ІІ ступені”.

Пасля вайны дэмабілізаваўся. У мірны час працаваў у Астрошыцкай школе. Марк Мікалаевіч атрымаў другую вышэйшую адукацыю.

З 1953г. працягваў працу ў якасці дырэктара Астрошыцкай школы. Усё сваё жыццё Марк Мікалаевіч прысвяціў ганаровай працы – выхаванню і адукацыі дзяцей.

 Васюковіч Вольга Васільеўна

 Васюковіч Вольга Васільеўна нарадзілася 18 жніўня 1925г.у вёсцы Хмялёўшчына Докшыцкага раёна. Яшчэ з дзяцінства яна марыла быць настаўніцай. Вельмі любіла сваю першую настаўніцу Аляксандру Мікалаеўну Ніканаву, якая загінула ў час вайны за сувязь з партызанамі.

      Скончыўшы спачатку Лепельскае педвучылішча, потым Мінскі педінстытут імя М.Горкага, Вольга Васільеўна 45 гадоў прысвяціла навучанню і выхаванню падрастаючага пакалення. Вольга Васільеўна працавала інспектарам РАА, у школах Бягомля, Плешчаніц, Лагойска. З 1971 года па 1980 год працавала дырэктарам Астрошыцкай школы.

         Юнацкія гады  Вольгі Васільеўны прыпалі на  ваеннае ліхалецце. З верасня 1942г. у сямнаццацігадовым узросце Вольга Васільеўна ўключылася ў актыўную падпольную барацьбу на Бягомльшчыне ў якасці сувязной брыгады “Жалязняк”. Сувязным прыходзілася выконваць у тыле ворага небяспечныя, але неабходныя заданні, удзельнічаць у абарончых работах, разведваць месцазнаходжанне нямецкіх гарнізонаў. Даводзілася распаўсюджаваць лістоўкі.

       Рашучасць і вытрымка, кемлівасць і знаходлівасць былі спадарожнікамі барацьбы з ворагам у тыя часы. У 1943г. нямецкае камандаванне стварыла брыгаду войск з савецкіх ваеннапалонных “Руская нацыянальная родная армія”, узброіла і накіравала ў Беларусію на барацьбу з партызанамі. Камандаваць арміяй даручылі падпалкоўніку В.В.Гіль-Радыёнаву. Армія дзейнічала ў асноўным у Мінскай і Віцебскай абласцях. Частка яе спынялася ў м.Лужкі. Байцы  нелегальна наведвалі бліжэйшыя вёскі, распытвалі насельніцтва аб партызанах. Людзі аднесліся да іх недаверам, бо тыя былі ў нямецкім абмундзіраванні. У гэты час камандаванне партызанскіх брыгад “Жалязняк”, “Бальшавік” пачало вялікую прапаганду сярод салдат праціўніка аб пераходзе на бок партызан. Вольга ў гэты час распаўсюджвала лістоўкі “Опомнись, солдат!”, “Родина зовёт!” і іншыя. Зрэдку сувязныя здольвалі пераводзіць невялікія групы байцоў у партызанскія атрады. Пасля зробленай вялікай работы 16 жніўня 1943г. камандзір брыгады “Жалязняк” І.Ф.Ціткоў і іншыя назначылі перагаворы з В.В. Гіль-Радыёнавым, якія завяршыліся паспяхова. 2,5 тысяч нямецкіх салдат са зброяй перайшлі на бок партызан.

       Вольга Васільеўна дапамагала, як магла, набліжаць Перамогу. Яна аказвалася заўсёды там, дзе небяспечна, рызыкавала жыццём. З болем і роспаччу ўспамінае сваіх сябровак, якія не дажылі да Дня Перамогі. Ім яна прысвяціла свой верш:

 Спите спокойно, дорогие подруги!

Недолго сверкали вы на Земле очами

Вас Родина помнит, и ваши заслуги

Оценены достойно: вы живете меж нами.

Ненависть к врагам наши души сжимает,

И пусть не поднимутся военные тучи.

Пусть чистое небо будет над нами.

Охраняйте покой, дорогие люди!

     Дзейнасць Вольгі Васільеўны ў час Вялікай Айчыннай вайны адзначана шматлікімі ўзнагародамі. Сярод іх “Ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені”, памятны знак “Ветэран вайны 1941-1945гг.” ад Прэзідэнта А.Р.Лукашэнка,  памятны знак брыгады “Жалязняк”, юбілейныя медалі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне.

      Ваенныя і працоўныя ўзнагароды Вольга Васільеўна надзявае толькі на святы. Ёй не сорамна перад дзецьмі, сваякамі, сябрамі і суседзямі за свой лёс.  Зараз яна пражывае ў г.Лагойску. Увесь свой час прыкладная бабуля  прысвячае сваім унукам і праўнукам, якім ёсць чаму павучыцца ў яе. Сапраўдны гонар Вольгі Васільеўны – яе ўнук Алег Анатольевіч Шаркоў, які ўзначальвае Следчы камітэт Гомельскай вобласці.

         Зусім нядаўна яна адзначыла свой 95-гадовы юбілей. Нягледзячы на значную дату, Вольга Васільеўна застаецца аптымістычным, бадзёрым і энергічным чалавекам. Нам вельмі прыемна было сустрэцца і пагутарыць з гэтай жанчынай.

 

25.07.2022 08:21 - 25.07.2022 08:21

свернуть