Са святам 8 Сакавіка!

08.03.2023

Шаную светлыя нябёсы за тое, што магутны Бог
Стварыў дзівосную істоту, яе Жанчынаю нарок.
П. Місуна

Міжнародны жаночы дзень (International Women's Day) з’яўляецца датай, якая сёння адзначаецца ў шэрагу краін, а ў некаторых мае статус дзяржаўнага свята. У нашай краіне – гэта Дзень жанчын, які ўслаўляе прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва.

Свята было афіцыйна зацверджана ААН у 1975 годзе, але ж пачаткам яго гісторыі, яшчэ задоўга да гэтага году, стаў «марш пустых каструль», які прайшоў 8 сакавіка 1857 года ў Нью-Ёрку (ЗША). У гэты дзень незадаволеныя работніцы швейных і абутковых фабрык пачалі барацьбу за паляпшэнне ўмоў працы.

Аднак першая прапанова аб заснаванні свята Міжнароднага жаночага дня прагучала ў 1910 годзе на II Міжнароднай канферэнцыі працуючых жанчын (Second International Conference of Working Women) у Капенгагене. Аўтарам гэтай ідэі стала Клара Цэткін – лідар жаночай часткі нямецкай партыі сацыял-дэмакратаў. Яна хацела, каб дзень барацьбы за правы жанчын сталі адзначаць штогод у вызначаны дзень і ў кожнай краіне.

Зараз дзень 8 Сакавіка не мае такой палітычнай афарбоўкі, а з’яўляецца вясеннім святам, калі ўшаноўваюць жанчын.

Шаную светлыя нябёсы

Шаную светлыя нябёсы за тое, што магутны Бог

Стварыў дзівосную істоту, яе Жанчынаю нарок.

«Найлепшая палова свету» – вас клічам гэтак нездарма,

Шукалі на ўсіх планетах: такіх, як вы, нідзе няма!

Паверце, не прайшла б зіма без вашых сэрцаў палымяных,

Не адрадзілася б вясна без вас, любімых і каханых.

Наогул, не было б прагрэсу і не вярцелася б Зямля,

Каб зніклі з Боскага Сусвету Жанчыны вобраз і імя!

                                                                                   Павел Місуна

Віншуем усіх прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва з Днём жанчын!
Няхай вашы твары ўпрыгожваюць сонечныя ўсмешкі, кожны дзень будзе напоўнены
шчырасцю, клопатам і ласкай!
Хай 8 Сакавіка падорыць вам добры настрой, выкананне ўсіх патаемных жаданняў!
Хай ён стане стартам для новых пачынанняў, якія прынясуць толькі радасць!

Шчырых вам кампліментаў і добрых слоў заўсёды! Са святам!

 

НІА

09.03.2023 09:14 - 09.03.2023 09:14