«Беларусьфільм» выпусціць анімацыйны фільм пра Купалу і Коласа да Дня беларускага пісьменства

28.07.2022

Да Дня беларускага пісьменства нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» выпусціць анімацыйны фільм «Класікі і шахматы». Стужка прысвячаецца юбілейнай даце – 140-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Работа над фільмам пачалася мінулай восенню, але зараз яна завяршаецца, і ў верасні стужка выйдзе ў эфір.

13-хвілінны мультфільм разлічаны на дзяцей ва ўзросце ад 6 гадоў. Вядома, што Купала і Колас любілі гуляць у шахматы пры сустрэчы. І фільм паказвае своеасаблівы шахматны паядынак, дзе класікі гуляюць у шахматы. Кожны шахматны ход Купалы і Коласа – гэта чытанне фрагмента свайго твора, напісанага для дзяцей. Пісьменнікі сустрэліся ў парку за шахматным столікам, але іх гульня зацікавіла дзяцей, якія з задавальненнем уключыліся ў паядынак Коласа і Купалы.

Жанр анімацыйнага фільма «Класікі і шахматы» – пазнавальна-навучальны, закліканы прыцягнуць увагу дзяцей да творчасці класікаў, паказаць прыгажосць іх паэтычнай мовы і вершаванай формы.

01.08.2022 08:00 - 01.08.2022 08:00