Добруш запрашае гасцей на Дзень беларускага пісьменства

30.08.2022

Штогод у першую нядзелю верасня наша краіна адзначае Дзень беларускага пісьменства. Першай сталіцай свята ў 1994 годзе быў старажытны Полацк, потым гасцей з усяго свету сустракалі Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Слонім і іншыя старажытныя культурныя цэнтры Беларусі.

Сёлета Дзень беларускага пісьменства пройдзе 3–4 верасня ў Добрушы Гомельскай вобласці, які вядомы з XVI стагоддзя. Менавіта тут былі заснаваны першыя ў Беларусі папяровая фабрыка (1870) і фарфоравы завод, а знакамітым ураджэнцам Добрушскага краю з'яўляецца класік нацыянальнай літаратуры – пісьменнік, сцэнарыст і драматург Іван Пятровіч Шамякін.

У канцэпцыю свята закладзены асноўныя тэмы – Год гістарычнай памяці, беларуская пісьменнасць, гісторыка-культурная і духоўная спадчына Добрушчыны, юбілеі класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства пачала рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў», якая стартавала 31 жніўня. Завершыцца яна 4 верасня ў Добрушы.

2 верасня Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ладзіць Міжнародны круглы стол «Вечныя каштоўнасці праз кнігі. У аснове справядлівасць» з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў.

3–4 верасня будзе арганізавана работа Фестывалю кнігі і прэсы, прадстаўленая чатырма тэматычнымі павільёнамі: «Бацькаўшчына», «Слова пісьменніка», «Белдрук», «Белкніга».

На працягу двух дзён будуць працаваць спартыўныя пляцоўкі, пляцоўкі для дзяцей і моладзі, кропкі харчавання.

3 верасня (у суботу) пройдуць «Добрушскія чытанні», падрыхтаваныя сумесна Мінінфармам і Нацыянальнай акадэміяй навук. Канферэнцыя ўключае навуковыя даклады, прысвечаныя Году гістарычнай памяці і асвятленню гісторыка-культурнай спадчыны добрушскай зямлі. У гэты ж дзень запланавана адкрыццё помніка Івану Шамякіну.

Таксама адбудзецца традыцыйная цырымонія гашэння канверта з арыгінальнай маркай, прысвечанай XXIХ Дню беларускага пісьменства.

Асноўнай падзеяй дня стане ўрачыстая цырымонія адкрыцця XXIX Дня беларускага пісьменства, падчас якой пройдзе ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія».

4 верасня пачнецца з традыцыйнай Боскай літургіі, якой і завершыцца навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў».

Урачыстыя мерапрыемствы з удзелам грамадскасці і моладзі пройдуць ля мемарыяльнага комплексу «Памяць».

На галоўнай сцэне Саюз пісьменнікаў Беларусі прэзентуе літаратурна-патрыятычны праект «Бачу Беларусь такой».

Урачыстая цырымонія закрыцця пачнецца ў 14:00 на галоўнай сцэне свята. Яна завершыцца перадачай вымпела сталіцы Дня беларускага пісьменства 2023 года – г. Гарадку Віцебскай вобласці.

Больш падрабязна пра праграму ХХIХ Дня беларускага пісьменства можна даведацца тут.

НІА
па матэрыялах сайта Міністэрства інфармацыі
Рэспублікі Беларусь

05.09.2022 04:40 - 05.09.2022 04:40