«Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы!» (да 215-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча)

04.02.2023

Сення, 4 лютага 2023 года споўнілася 215 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, драматурга, паэта, тэатральнага і грамадскага дзеяча Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Яму першаму з беларускіх літаратараў ХІХ стагоддзя ўдалося дасягнуць у сваёй творчасці такіх вяршынь, якія відаць праз гады і адлегласці.

Нарадзіўся В. І. Дунін-Марцінкевіч у Бабруйскім павеце ў сям'і збяднелага шляхціца-арандатара. Вучыўся ў Бабруйску і Санкт-Пецярбургу, служыў у Мінску. Большую частку жыцця правёў ва ўласным маёнтку ў Люцінцы (цяпер Валожынскі раён Мінскай вобласці). Пісаў як на беларускай, так і на польскай мове.

У цэнтры твораў Дуніна-Марцінкевіча стаіць беларуская вёска і яе побыт. Шмат увагі пісьменнік надаваў народнаму фальклору. Яго самай папулярнай п'есай лічыцца «Пінская шляхта» (1866), якую да гэтага часу ставяць на тэатральных сцэнах Беларусі.

Першыя творы («Малітва на памінальны дзень», «Дзіця і маці», «Вясна») напісаны Вінцэнтам Іванавічам на польскай мове і прасякнуты сентыменталізмам і рэлігійнымі матывамі. Першы твор, які цалкам напісаны на беларускай мове, – паэма «Гапон» (1855).

Верш, паэма, вершаваная аповесць, камедыя, фарс-вадэвіль, опернае лібрэта, публіцыстыка, паэтычны пераклад... Далёка не ўсім літаратурам пашанцавала, што ля іх вытокаў адразу з’явілася столькі мастацкіх відаў і жанраў, як гэта здарылася з нашай літаратурай дзякуючы Беларускаму Дудару (так сучаснікі называлі пісьменніка). Акрамя літаратурнага таленту, у В. Дуніна-Марцінкевіча былі яшчэ і здольнасці артыста, спевака, кампазітара, рэжысёра, стваральніка і мастацкага кіраўніка першага нацыянальнага тэатральнага калектыву (існаваў у 1840–1850-я гг.).

У 1861 г. у Вільні асобным выданнем на польскай мове выйшла вершаванае гістарычнае апавяданне «Люцынка, або Шведы на Літве» (напісана ў 1857 г.), дзе паэтызаваліся мужнасць і гераізм продкаў сучасных беларусаў у барацьбе з захопнікамі. Гэта апошняя кніга пісьменніка, выдадзеная пры яго жыцці.

Творы В. Дуніна-Марцінкевіча ўключаны ў школьную праграму, перакладаюцца і друкуюцца на розных еўрапейскіх мовах. Яго п’есы «Сялянка» («Ідылія»), «Пінская шляхта», «Залёты» шмат разоў ставіліся на сцэнах тэатраў, як прафесійных, так і самадзейных. Паводле «Пінскай шляхты» быў створаны тэлеспектакль.

Імем Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча названы Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі ў Бабруйску, вуліцы ў Мінску, Маладзечне, Івянцы і іншых населеных пунктах Беларусі. Помнік пісьменніку ўсталяваны ў вёсцы Малая Люцінка Валожынскага раёна, памятным знакам адзначана месца, дзе знаходзіўся яго дом. Міністэрства культуры Беларусі і Беларускі саюз тэатральных дзеячаў заснавалі тэатральную прэмію імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. У Беларусі праходзіць Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі, які таксама носіць імя драматурга.

З 31 студзеня 2023 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі працуе выстава «Жыве паміж намі дудар наш…», прымеркаваная да 215-годдзя з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Экспазіцыя дазваляе бліжэй пазнаёміцца з творчасцю пісьменніка, атрымаць паўнацэннае ўяўленне аб яго ўкладзе ў развіццё беларускай літаратуры і беларускага тэатра.

НІА
па матэрыялах сайта https://archives.gov.by

05.02.2023 10:31 - 05.02.2023 10:31